|
Indyallic · Easy · Reading
Alex Huttanen
 |
|
Дзённік ідыёта Я сяджу ў бары і сударліва пішу лічбы адзін і нуль на паперцы. Гэта я пералічваю свой узрост у дваічнай сыстэме лічэньня. Адзін, нуль, адзін, адзін, адзін пішу я з права налева як жыды. Калі прачытаць гэты бітавы код нібы нармалёвае дзесяткавае, то атрымліваецца, што я старэйшы за усю апісаную гісторыю чалавецтва, і, нават, старэйшы удвая за Зямлю з пункту гледжаньня тых самых габрэяў, якія зараз адлічваюць пяць тысяцаў нейкі там год ад стварэньня сусвету. Мне адзінаццаць тысячаў сто адзін год.
Я сяджу ў бары, я адкладаю асадак і раблю глыток піва. Іграе нейкі невядомы джаз-бэнд. Не-не зараз не 50-ыя і, нават, не 60-ыя. Зараз нулявыя. А дакладней нуль-чацвёры. Кастрычнік, што плаўна пераходзіць у лістапад. Трыдцаць першае ў проста першае. Ноч усіх сьвятых. Хэлувін.
Я сяджу ў бары, я п'ю піва і кампанію мне складае... ніхто мне не складае кампанію. Я сам. Самотны. А сёньня Хэлувін. Для мяне гэтае сьвята вось ужо колькі год зьвязанае з Крумкачом - маім сябрам і па сумяшчальнасьці тэлезоркай. Не далей, як год таму вялікай экіпай мы цягалі расьпісаную нібы мары шызафрэніка труну па менскіх вуліцах, прапаноўваючы усім жадаючым скарыстацца з нашага атракцыёна - задарма пакатацца ў труне на нашых плячах. А потым разам з труной загрузіліся ў аўто й паехалі ў “Рэактар” на начны сэйшан. Напэўна, няблага мы выглядалі а першай ночы ў панотвым чорным BMW з таніраванымі шкламі й з труной неверагодных колераў на даху. Ці пару год таму шпацэраваліся мы з Кэці і быў у нас нейкі адзіны сумны настрой на дваіх, як раптам быліся мы затакаваныя проста цэлым натоўпам чарцей, упыроў дый усялякіх іншых мертвякоў. Яны абкружылі нас, хтосьці працягнуў мне гарбуз з прарэзанымі вачымя ды ротам, хтосьці памацаў Кэці за нос ды так, што на ім засталіся чорныя вугольныя плямы, а галоўны чорт сунуў мне ў твар мікрафон дый запытаўся: “Ну як вам сьвяткуецца Ноч усіх сьвятых?”. Гэта быў Крумкач. “Файна”, кажу і адчуваю, што так і ёсьць - сумоту як вадою змыла, бачу й Кэці заўсьмехалася, “Во!” кажа і паказвае вялікі палец. Апэратар камэру схаваў, і кажу я тады сябру: “Ты - стары чорт, дзякуй!” А ён толькі усьмехнуўся, адабраў гарбуз і далей пайшоў...
Я сяджу ў бары ў адзіноце. Крумкач сёньня нічога не ладзіць, у яго няма настрою пасьля таго, як іх тэлестудыю зачынілі, і праз ягоную дэпрэсію, нават, на піва яго не атрымалася выцягнуць. Тэлефанаваў я яшчэ пэўнай колькасьці людзей, але сёньня усе нешта па сваіх справах. Калі шчыра, можа гэта й добра.
Я сяджу ў бары, перада мной стаіць куфаль піва, ляжыць паперка з падлікамі. Джаз-бэнд скончыў выступ, з калёнак ляціць блюз. Мне не хочацца нічога рабіць, нікому болей тэлефанаваць, ні да кагосьці ехаць у госьці. Мне здаецца, што сёньня, у ноч усіх сьвятых, усе памёрлі і пераўтварыліся ў мерцвякоў. Іх болей няма. “There are nobody at all in the world” у тэму ляціць блюз. Я выцягваю з пачаку цыгарэту, з правай кішэні дастаю запальнічку Zippo, з клацкам адчыняю і звычна вялікім пальцам пракручваю з высілкам колца. Сіня-памяранцавы палыменчык абмацвае кончык цыгарэты, я зацягваюся і выдыхаю дым. Ён ляціць да столі, зьмешваючыся уверсе з цыгарэтным смугам, напаленым наведвальнікамі. Я адкладаю цыгарэту ў попельніцу, раблю глыток піва. Цыгарэта дыміцца ў попельніцы. “Цікава, - думаю - насамрэч паміж тэрмінам жыцьця цыгарэты і чалавека зусім няма ніякай розьніцы ў касьмічным маштабе”. Я яшчэ раз зацягваюся і ў гэты момант я разумею, што насамрэч мерцвяком стаў я, што цалкам і навогул не блага. |
 |
|
|
 |
|
|
 |
|
Уладзімір Камінер "Шонхаузер алея" Кроў на Шонхаузер алее
Мой сябра і цёзка Ўладзімір жыве разам са сваёю сям’ёю дакладна насупраць мяне, з процілеглага боку алеі. Часамі здаецца, што ці ён мой двайнік, ці я ягоны. Ён недзе таго ж узросту, што і я, мае такое ж імя, носіць такія жа лахманы, і у яго таксама ёсць жонка і двое дзетак. Апроч таго, ягоная кватэра цалкам падобная на маю, ён паліць тую самую марку цыгарэт, што і я, і купляе такія жа прадукты ў тым жа супермаркеце прыблізна ў той жа час. Адзінае, што ў нас розніцца – гэта тое, што ягоная жонка брунэтка, а мая не. Не так даўно, пад час закупаў, я заўважыў яшчэ адну рэч: Уладзімір нечакана стаў вегетарыянцам. Ён купляў процьму замарожанай зеляніны і выглядаў пры гэтым вельмі нясчасным. “Я не магу болей гладзець на мяса”, сказаў ён мне ў чарзе да касы. А падчас дарогі да дому, распавёў пра тое, што яго да гэтага прывяло. Прыблізна тыдзень таму, на аўтабане ён з’біў вепра. Семдзесят кілаграмаў мяса ляжалі на дарозе – нічога так сабе. “Звалілася з неба” – падумаў Уладзімір і зацягнуў тушу ў багажнік сваёй старой Мазды. Якраз раніцаю ён пасварыўся з жонкай, у якой раніцамі заўсёды кепскі настрой, і таму ён вырашыў прывесці ёй гэтага вепра, каб памірыцца:”Табе падарунак, дарагая!”, недзе так ён сабе гэта ўяўляў. З вепра цякла кроў і вельмі хутка напоўніла багажнік. Калі Ўладзімір заехаў заліць паліва, гаспадар запраўкі заўважыў “У вас з багажніка карпае кроў, можа вам варта зірнуць?” “Дзякуй, я ведаю, але ўсё ў парадку ”, адказаў Уладзімір і міла ўсміхнуўся. Гаспадар нічога не адказаў і не ўзяў грошаў за бензін. Калі ён прыехаў да дому, было ўжо досыць позна. Яму прышлося цягнуць вепра на свой чацьвёрты паверх. Пакуль ён падымаўся, вепр некалькі разоў выслізгваў у яго з рук. Калі Ўладзімір дабраўся да кватэры, ён быў зусім без сілаў. Лесвіца і ўсё ягонае шмаццё былі ў крыві. У гэты момант у ягоную галаву закраўся першы сумнеў, а ці будзе вепр добрым падарункам? Аднак, было ўжо позна. Труп нельга ужо было ліквідаваць. Ягонай жонкі не было дома, дзеткі ўжо паклаліся ў ложкі. Уладзімір паклаў вепра ў ванную, сабраў усе анучыны, што знайшоў у доме, і пайшоў мыць лесвічную клетку. Там часам ягоная суседка выклікала паліцыю. Яна чула ранішнюю сварку і была цвёрда ўпэўнена, што Ўладзімір замачыў сваю жонку. Калі прыехаў патруль і пабачыў лужыны крыві ва ўсім доме, то адразу запрасіў дапамогу. Да зубоў узброеныя паліцэйскія ўламіліся ў дом і пабачылі Ўладзіміра з вядром вады і анучай у руцэ на лесвіцы, дзе ён змываў кроў. “Я прыважу ўсё ў парадак” сказаў Уладзімір паліцэйскім. Аднак яны апранулі на яго наручнікі і злёгку аглушылі – для бяспекі. Потым па крывяных слядах дайшлі да ванны і знайшлі там вепра. “Але, гэта не ваша жонка”, – здівіліся яны. “Канешне, не”, – адказаў Уладзімір, “мая жонка брунэтка.” “А дзе яна зараз?” “Не ведаю”, – адказаў ён абсалютна шчыра. Паліцэйскія ўчацвярых сцягнулі забітага звера ўніз.Мой двайнік, як верагодны злачынца, зразумела, мусіў паехаць з імі ў пастарунак. Пра самагубства пытанне не стаяла. У прынцыпе, усё для яго адносна няблага закончылася: штраф у дзве тысячы марак. Зараз жа ён не зусім можа глядзець на мяса. І ў гэтым мы з ім перасталі быць падобныя, і таму мне прыходзіцца стаяць ў чарзе за мясам ў адзіноце. |

|
|